МІ́НСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1880—1917. Засн. 1.7.1880 на ахвяраванні жыхароў горада. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне і дапамогі з казны. Спачатку мела 2 класы, пазней пераўтворана ў 7-класнае. Пры 7-м класе было механіка-тэхн. аддз., якое 1.7.1891 рэарганізавана ў аддзяленне для падрыхтоўкі выхаванцаў да паступлення ў спецыялізаваныя ВНУ Рас. імперыі (пераважна ў тэхнал. ін-ты). 5-ы і 6-ы класы мелі асн. і камерцыйнае аддзяленні. Выкладаліся рус. мова і славеснасць, польск.. ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, прыродазнаўства, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, музыка, спевы, гімнастыка. Пры вучылішчы існавалі б-ка, лабараторыя, фіз., мех., прыродазнаўча-гіст. і інш. кабінеты. У 1883 вучылася 67, у 1907—264, у 1911—268, у 1915—304 юнакі. Сярод выхаванцаў вучылішча нар. артыст СССР Б.В.Платонаў.
Літ.:
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
А.Ф.Самусік.
т. 10, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)